Галоўная / Навіны / Навіны раёна
Навіны раёна
У Браслаўскім раёне завяршаецца актыўны сельскагаспадарчы сезон
25.10.2023

У Браслаўскім раёне завяршаецца актыўны сельскагаспадарчы сезон

У ААТ «Браслаўскі райаграсэрвіс» працуе ўсяго 8 механізатараў. Аляксандр Багдановіч – адзін з тых універсалаў, які сам рыхтуе глебу, засявае яе, а потым перасаджваецца з трактара на камбайн і ўбірае вырашчаны ўраджай. З надыходам восені ён зноў чапляе на свой МТЗ сеялку. Сёлета прыкладна палову азімых культур у гаспадарцы, а гэта каля 200 га, А. Багдановіч пасеяў самастойна. Дырэктар сельгаспрадпрыемства Аляксандр Міхайлаў заўсёды прыводзіць гэтага механізатара ў прыклад іншым, бо Аляксандр – працавіты і адказны работнік, на якога ў любой справе можна спадзявацца.

Пачаўся адлік апошніх дзён кастрычніка. Нізкая тэмпература паветра і частыя дажджы кажуць аграрыям, што прыйшла пара завяршаць работу ў полі. Між іншым, сёлетняя восень дала даволі шмат часу, каб паспець правесці і зяблівае ўзорванне, і закласці частку будучага ўраджаю.

Усяго на Браслаўшчыне азімымі збожжавымі культурамі засеялі 5 845 га, з іх 1 813 га складае збожжавы клін СВК «Маяк Браслаўскі», 918 га – ААТ «Агравідзы».

Як заўсёды, найбольшыя плошчы адвялі пад пшаніцу: яе пасеялі амаль на 3 360 гектарах. У гэтым годзе браслаўчане таксама вырашылі зрабіць стаўку на азімы ячмень – гэтая культура пакладзена ў глебу на 1 020 га. Клін трыцікале – 902 га, жыта – 566 га. Некаторыя гаспадаркі паспелі засеяць збожжавыя і на зялёны корм для жывёлы.

Тры сельгаспрадпрыемствы з сямі поўнасцю справіліся з планам і засеялі 100 % азімага кліна. Астатнія недавыканалі заданне.

Паралельна яшчэ вядзецца ўзняцце зябліва. Калі дазваляе надвор’е, трактары з плугамі выязджаюць на палеткі і апрацоўваюць глебу пад будучыя веснавыя работы. Лепш за ўсіх з гэтым спраўляецца «Браслаўскі райаграсэрвіс» – тут узарана 63 % глебы. Усяго ж пакуль гэта работа праведзена на 25 % палёў ад плана.

Заканчваюць аграрыі і астатнія восеньскія работы, а паралельна рыхтуюць тэхніку да зімоўкі. 

Газета "Браслаўская звязда"

Да спіса